Перайсці да зместу

Беларуска-літоўскія адносіны

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Беларуска-літоўскія адносіны
Беларусь і Літва
Беларусь
Беларусь
Літва
Літва
Пасольства Беларусі ў Літве
Пасольства Літвы ў Мінску

Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Літоўскай Рэспублікай усталяваны 30 снежня 1992 г. У 1993 г. адкрыліся пасольства Беларусі ў Вільні і пасольства Літвы ў Мінску.

11 сакавіка 1990, Вышэйшая Рада Літоўскай ССР абвясціла аддзяленне ад Савецкага Саюза і намер аднавіць незалежную Рэспубліку Літву.

Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР прыняў 29 сакавіка 1990 г. заяву «Аб вяртанні БССР беларускіх зямель пры выхадзе Літоўскай ССР з Саюза ССР», у якой было сказана, што ў выпадку выхаду Літвы са складу СССР Беларуская ССР будзе патрабаваць вярнуць ёй беларускія землі — горад Вільню і Віленскую вобласць, Свянцянскі і часткі тэрыторыі яшчэ пяці раёнаў Літвы[1], якія ў 19391940 гг. Літве аддаў І. Сталін у якасці дара за яе ўваходжанне ў склад СССР. Гэта заява, зробленая па падказцы з Крамля, не сустрэла пазітыўных водгукаў з боку грамадска-палітычных колаў Беларусі. Тэрытарыяльныя патрабаванні да Літвы не падтрымаў новы склад Вярхоўнага Савета БССР, які пачаў працаваць у маі 1990 г. Аднак заяву ад 29 сакавіка 1990 г. ускосна ўхваліў прэзідэнт СССР М. Гарбачоў, які на прэс-канферэнцыі ў Вашынгтоне 3 чэрвеня 1990 г. заявіў, што тэрыторыя Літвы ўключае пяць раёнаў, раней якія належалі Беларусі[2][3].

У лютым 1995 года падчас афіцыйнага візіту ў Літву Аляксандр Лукашэнка падпісаў Дагаворы аб добрасуседстве і супрацоўніцтве і аб дзяржаўнай граніцы. З мэтай пашырэння памежнай супрацы ў верасні 1997 г. Беларусь і Літва ўзялі ўдзел у стварэнні еўрарэгіёна «Нёман». У верасні 1998 г. да яго дадаўся еўрарэгіён «Азёрны край». У 1999 г. ўрад Літвы прыпыніў сувязі з урадам Беларусі на вышэйшым узроўні.

З 2004 года Беларусь і Літва праводзяць рэгулярныя кансультацыі па пытаннях рэгіянальнай бяспекі. Пасольства Літвы выконвае прызначэнне прадстаўніцтва Арганізацыі Паўночнаатлантычнага дагавора ў Беларусі.

25 мая 2007 года, упершыню з 2000 года, адбылася сустрэча міністраў замежных спраў на памежным КПП «Каменны Лог — Медзінінкай (Меднікі)». У кастрычніку 2007 года ў Літве пабываў старшыня ўрада Беларусі Сяргей Сідорскі для адкрыцця ў Вільні чарговай выстаўкі «Беларусь-ЭКСПА». У лістападзе 2007 года пасля далучэння да Шэнгенскага пагаднення аб паездках грамадзян урад Літвы павысіў кошт уязной візы для беларусаў з 5 да 60 еўра. Па стане на канец 2007 года пабрацімскія адносіны падтрымлівалі 24 акругі і гарады Беларусі і Літвы.

Старшыня камітэта па замежных справах Сойма Літвы Юсцінас Каросас 5 жніўня 2008 года заклікаў унесці прапанову аб спыне палітычнай ізаляцыі Беларусі па прычыне яе безвыніковасці на бліжэйшым паседжанні Еўрапейскага Савета. Яго падтрымаў старшыня Сойма Чэславас Юршэнас. Другая сустрэча старшыняў урадаў (з Гедзімінам Кіркіласам) адбылася 2 верасня 2008 года ў Друскеніках. 11 верасня 2008 года ў Троках у нефармальнай абстаноўцы сустрэліся міністры замежных спраў. 29 снежня 2008 года міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў сустрэўся з літоўскім калегам Вігаўдасам Ушацкасам другі раз[4].

4 чэрвеня 2021 года, МЗС Літвы абвінаваціла Беларусь у спробе ўмяшання ў дыпламатычную пошту і выклікала амбасадара Беларусі, каб уручыць ноту пратэсту па гэтым пытанні. Літоўскага кур’ера, які выехаў на машыне з Вільнюса з дакументамі, прызначанымі для пасольства Літвы ў Беларусі, беларускія памежнікі папрасілі адкрыць запячатаны кантэйнер, паведамілі ў Міністэрстве замежных спраў Літвы. Паводле Міністэрства, кур’ер адмовіўся адкрыць кантэйнер і быў павернуты назад ад мяжы, што парушыла правілы міжнароднай дыпламатычнай дзейнасці: Венскую канвенцыю аб дыпламатычных зносінах[5].

  1. Заява Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР аб вяртанні БССР беларускіх зямель пры выхадзе Літоўскай ССР з Саюза ССР // Звязда. 1990. 1 крас. С. 1.
  2. Снапковский В. Е. История внешней политики Беларуси. Минск: БГУ, 2013., с. 393
  3. В. Е. Снапковский. Историческая политика в Беларуси в период перестройки и парламентской республики (1985–1994 гг.)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 28 ліпеня 2020. Праверана 30 снежня 2015.
  4. Аляксандр Ціхаміраў. Мінск — Вільнюс: блізка ехаць і шмат іншых рэзонаў сябраваць Архівавана 1 жніўня 2013.// Пагоня. 29 сакавіка 2009
  5. Lithuania summons Belarus envoy in dispute over diplomatic mail (англ.). Euronews (4 чэрвеня 2021).